ТАЦЬЦЯНУ ШАПУЦЬКУ АДЛІЧЫЛІ З ЮРФАКУ БДУ
Прэс‑сакратарка «Маладога Фронту» Таццяна Шапуцька 3 снежня была адлічаная з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Яна навучалася на другім курсе юрыдычнага факультэту па спецыяльнасці «юрыст‑палітолаг».

«Мяне выклікалі з пары ў дэканат. Там паведамілі, што я адлічаная з універсітэту. Загад пад подпісам рэктара БДУ Сяргея Абламейкі. Прычыну не назвалі», — дзеліцца ўражаннямі Таццяна Шапуцька.

Хутчэй за ўсё, што дзяўчыну выключылі за ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасці ў Бруселі, што праходзіў у лістападзе. Таццяна выехала за межы без дазволу ўніверсітэту, што забараняецца. У 2005 годзе такі самы выпадак адбыўся з студэнткай «наргасу» Таццянай Хомай.

Шапуцька была адной з найлепшых студэнтак, яе сярэдні бал — 8,5. Да зімовай сесіі заставаўся адзін тыдзень.

Тацяна Шапуцька паведаміла, што будзе падаваць скаргу ў Міністэрства адукацыі і спрабаваць аднавіцца на вучобе праз суд. Дзяўчына лічыць неабходным для сябе атрымліваць адукацыю, знаходзячыся ў Беларусі, хаця б на завочнай форме навучаньня.

“Я спадзяюся, што супольнымі высілкамі загад рэктара будзе адкліканы. Але ў любым выпадку я буду перастрахоўвацца і падаваць скаргу ў Міністэрства адукацыі і заяву ў суд.

Я ня маю ў плянах зьяжджаць за мяжу, таму што я на свае вочы ўбачыла, які вялікі досьвед дае навучаньне ў асяродку беларускіх студэнтаў. Нават адзінкавыя дэмакратычныя актывісты могуць іх актывізаваць. Гэта вельмі важна для таго, каб разьвіваць студэнцкую супольнасьць у Беларусі, а не за мяжой.

Мае аднагрупніцы ў публічных месцах размаўляюць са мной па-беларуску. Тое ж было і з Франкам Вячоркам, калі ён вучыўся на факультэце журналістыкі”.


Крыніца: Радыё Свабода










© ДЗІДА - сайт Гарадзенскага Маладога Фронта 2007 Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org ды saligorsk.org Распрацоўка : ili4.
Працуе на сыстыме : WCPS
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.136 сэк..