БЕСПРАЦОЎНЫ МАГІСТАР
Студэнт-”каліновец” Яўген Скрабутан, які ў мінулым годзе закончыў Варшаўскі універсітэт, распавёў “Народнай Волі”, як ён спрабаваў уладкавацца на працу ў Беларусі па сваёй спецыяльнасці філолага.Маладзёжны актывіст Яўген Скрабутан быў адлічаны з трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, дзе вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта, яшчэ ў 2006 годзе. У загадзе было сказана, што адлічэнне студэнта быццам бы звязана з парушэннем правілаў унутранага распарадку універсітэта. Да гэтага Мастоўскі раённы суд аштрафаваў Яўгена на 290 тысяч рублёў нібыта за незаконную перадвыбарную агітацыю і распаўсюджванне друкаваных матэрыялаў без выходных даных. Пасля гэтага хлопец паехаў вучыцца ў Варшаўскі універсітэт па “праграме Каліноўскага”. 25 чэрвеня 2009 года абараніў дыплом магістра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, прыехаў працаваць дадому... “Яшчэ падчас навучання я планаваў вярнуцца ў Беларусь і дапамагаць сваім сябрам-бізнесменам, — распавядае Яўген. — Але так атрымалася, што на момант вяртання пачаўся крызіс і практычна ўсе знаёмыя бізнесмены альбо пакінулі свой занятак, альбо з’ехалі з краіны ці перайшлі на дзяржаўную працу. Думаў уладкавацца на якую-небудзь фабрыку ці завод, але тут мне адразу сказалі, што шанцаў прайсці сумоўе ў спецаддзеле, якія існуюць на кожным дзяржаўным прадпрыемстве, не атрымаецца. У абласным жа аддзеле адукацыі паведамілі, што вакансій для настаўнікаў-філолагаў няма па ўсёй Гродзеншчыне. Гродзенскі цэнтр занятасці таксама вакансій не прапанаваў, спаслаўшыся на вялікую колькасць беспрацоўных гараджан, а мне параілі ехаць туды, дзе прапісаны — у Зэльву”.Пры першым жа наведванн і Яўгенам Цэнтра занятасці ў Зэльве адразу ж абрадаваліся — маўляў, спецыялісты з такой адукацыяй тут вельмі патрэбныя, і маецца шмат розных вакансій. Праўда, на той момант у яго яшчэ не было пацвярджэння аб прызнанні ў Беларусі польскага дыплома. — У рэшце рэшт такое пацвярджэнне было атрымана ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы, — працягвае мой суразмоўца. — І калі прывёз усе неабходныя паперы, то аказалася, што вакансій па спецыяльнасці ўжо няма. Мяне зарэгістравалі беспрацоўным. Праўда, не ведаю, як доўга атрымаецца мець гэты статус, бо калі адмаўляюся ад двух прапанаваных месцаў працы, то аўтаматычна здымаюць з уліку. А прапановы бываюць кшталту трактарыста ці выхавацеля ў дзіцячым садку ў далёкай вёсцы, бухгалтара...Дарэчы, для гэтага трэба яшчэ перавучвацца, што мне і прапанавалі. Умовы такія: на працягу 10 месяцаў навучаюся ў Мінску па спецыяльнасці бухгалтара, атрымліваючы стыпендыю 100 тысяч рублёў ды інтэрнат. На занятках трэба знаходзіцца 8 гадзін у суткі. За пропускі могуць адлічыць, а пры адлічэнні спаганяюць аплату за навучанне. Маё пытанне: “За што ж я там буду жыць?” вельмі моцна здзівіла жанчыну з Цэнтра занятасці. Кажа: “Вы ж будзеце атрымліваць 100 тысяч рублёў стыпендыі!” На тым і разышліся. У рэшце рэшт пастанавілі выдаваць мне штомесяц па 35 тысяч рублёў “сацыяльнай гарантыі” для беспрацоўных... У зэльвенскіх школах таксама вакансій для настаўніка беларускай мовы (ды і ўвогуле) не аказалася — асабіста сустракаўся з дырэктарамі, якія шчыра казалі, што з задавальненнем узялі б, але школы і так не загружаныя напоўніцу, і нават тых, хто ўжо там працуе, трэба скарачаць... А днямі ў мяне была цікавая сустрэча з адным чыноўнікам з райвыканкама. Калі я вучыўся ў школе, то гэты чалавек быў для мяне прыкладам чыноўніка, якім ён павінен быць — адукаваны беларускамоўны ахайны дзядзька. Шкада, але падлеткавыя ілюзіі развеяліся ў адзін момант — яшчэ з парога ён заявіў, што такі чалавек, як я, не мае маральнага права працаваць у галіне адукацыі і культуры. Аказалася, што ён ужо ведае усю гісторыю маіх адміністрацыйных “злачынстваў”. Вось такія былі пошукі працы...— Была магчымасць працаўладкавацца ў той жа Варшаве?— Была, але, на жаль, гэта была б праца не па спецыяльнасці. Ды і каб жыць у Варшаве не ў студэнцкім інтэрнаце, трэба даволі шмат зарабляць на аплату кватэры. Хоць, шчыра скажу, такі варыянт (застацца ў Польшчы) мной не разглядаўся яшчэ з пачатку навучання. Я планаваў атрымаць еўрапейскую адукацыю ў Варшаве і вярнуцца ў Беларусь, каб прыносіць карысць тут. І я нават быў падрыхтаваны да цяперашняй сітуацыі — ведаў, што знайсці працу будзе вельмі складана.— Ці падтрымліваеце сувязь з астатнімі выпускнікамі “праграмы Каліноўскага”? У іх такія ж цяжкасці пры працаўладкаванні, як і ў вас?— Так, падтрымліваю — і з тымі, хто ў Беларусі, і з тымі, хто застаўся ў Польшчы. Многія вярнуліся, таму што ў Варшаве таксама было цяжка працаўладкавацца па спецыяльнасці. Аднак сяброўкі-выпускніцы, якія вярнуліся ў Мінск, працу знайшлі адразу, бо не былі задзейнічаны ў нейкай грамадскай дзейнасці, а проста давучваліся ў Польшчы пасля закрыцця ЕГУ... З актывістамі — складаней.— Чым зараз займаецеся?— На працягу 7 месяцаў жыў у Гродне, падпрацоўваў у прыватнай фірме ды часам ездзіў у Польшчу. Калі вучыўся, то супрацоўнічаў з “Белсатам”. Стасункі засталіся і зараз.АФІЦЫЙНАСяргей ЛОЙКА, загадчык аддзела адукацыі Зэльвенскага райвыканкама: — Гэты хлопец на самай справе звяртаўся да нас, але на гэты момант у нас няма ніводнай вакансіі па яго спецыяльнасці. Былі свабодныя месцы настаўніка-дэфектолага, настаўніка дашкольнай адукацыі, майстра вучэбна-вытворчага камбіната, але ён не можа працаваць на гэтых пасадах проста з філалагічнай адукацыяй. Усё гэта мы Яўгену растлумачылі. Да таго ж звярнуўся хлопец да нас у сярэдзіне навучальнага года (пасля таго, як яму пацвердзілі польскі дыплом — Аўт.), калі ўсе вакансіі ўжо размеркаваны. А пра новыя свабодныя месцы стане вядома толькі напрыканцы навучальнага года.Паводле "Народная Воля" Фота: Радыё свабода
|
|