ВОСЬ ТАКІ...ДЗЕНЬ ЛЮБОВІ
14 лютага ў Дзень Сьвятога Валянціна ўладамі была разагнаная традыцыйная маладафронтаўская акцыя любові. Расьцяжку з надпісам "Люблю Беларусь" забралі праз трыццаць секундаў пасьля зьяўленьня. Сьвяточныя анёлы апынуліся ў пастарунку. Неакаторых затрыманых зьбілі.

Такі хуткі й жорсткі разгон самай сьветлай, мірнай маладафронтаўскай акцыі адбыўся ўпершыню. У адрозненьне ад мінулых гадоў, сёлета маладафронтаўцам нават не далі сабрацца.

Напачатку Іван Шыла спрабаваў пагутарыць з начыльнікам МУС грамадзкага парадку Аляксандрам Барсуковым. Іван зазначыў, што зараз ла ратушы мірную акцыю замінаюць правесьці тыя ж людзі, што паспрыялі разрыву маладафронтаўскай дамовы з гатэлем Crown Plaza, дзе плянавалася з нагоды Дня Сьвятога Валянціна правесьці прэмію "Люблю Беларусь".

Ля Ратушы лідар «Маладых Дэмакратаў» Міхал Пашкевіч за распрацаваны праект альтэрнатыўнай службы атрымаў маладафронтаўскую прэмію «За грамадскую чыннасць».

А 18:05 пачаліся першыя затрыманьні. Пасьля міліцыянты ў цывільным забралі расьцяжку "Люблю Беларусь". Некаторых актывістаў літэральна заносілі ў аўтобус.

З катэдральнага касьцёлу выйшлі дзяўчынкі-анёлы з кветкамі. Яны перайшлі праз вуліцу й ля аўтобуснага прыпынку на іх накінуўся спэцназ. У удзельнікаў акцыі вырвалі сьцягі. Некаторых дзяўчынак цягнулі па асфальце за ногі, каб завалакчы ў аўтобус.

Удзельнікі акцыі засьпявалі "Магутны Божа". У хуткім часе пад'ехаў трэці аўтобус.

Агулам затрымалі больш за 22 чалавекі (у тым ліку 4 непаўнагадовыя). Сярод іх усе намесьнікі старшыні МФ, сьвяточныя анёлы, якія ішлі з кветкамі. Чатыры аўтобусы вывозілі моладзь з плошчы. У Цэнтральным РАУС агульнае стаўленьне да актывістаў было абразьлівым. Падчас затрыманьня зьбілі Мікалая Дземідзенку, Рыгора Астапеню, непаўнагадовых Ільлю Шылу й Станіслава Стэсіка. Некалькі моцных удараў таксама атрымала Тацяна Шапуцька. У пастарунку маладафронтаўку Марыну Шыдлоўскую абразілі, чым давялі дзяўчыну да сьлёзаў.
Міхаіла Пашкевіча зьбілі, калі ён заступіўся за Насту Палажанку. Хлопца выводзілі ў асобны пакой "на размову" --разьбілі акуляры, адабралі статуэтку, якую ён атрымаў на як ляўрэат прэміі "Люблю Беларусь". Спэцназаўцы пакінулі яе сабе. Міліцыянты канфіскавалі вуды й крылы.
Апрача таго ў пастарунку апынулася жанчына, якая нават ня ведала пра сёньняшнюю акцыю.

19.15 Прозьвішчы затрыманых удзельнікаў акцыі

Затрыманыя ўдзельнікі акцыі знаходзяцца ў міліцыі Цэнтральнага раёну Менску.

Сярод іх:
Мікола Дземідзенка
Ніна Багінская
Ільля Шыла (непаўналетні)
Іван Шыла
Аляксей Валабуеў
Уладзімер Яроменак
Міхась Бутылін
Віка Ладзіс (непаўналетняя)
Кацярына Далідовіч
Вераніка Велігор
Тацяна Шапуцька
Ганна Шапуцька (маці Тацяны)
Наста Палажанка
Юлія Міхайлава
Марына Шыдлоўская (непаўналетняя)
маці Марына, сп.Шыдлоўская
Дар’я Бахар
Рыгор Астапеня
Станіслаў Стэсік зьбіты (непаўналетні)
Алесь Кіркевіч, намесьнік старшыні МФ з Гародні,
Міхась Пашкевіч
яшчэ з паўдзесятка чалавек, прозьвішчы якіх высьвятляюцца.

А 20 гадзіне затрыманых пачалі выпускаць, да 21:00 усе маладафронтаўцы былі вызвалены.

Сёлета маладафронтаўская акцыя 14 лютага адбывалася ў чатырнаццаты раз. Аднак гэты год асаблівы -- хутка адбудуцца мясцовыя выбары, напрыканцы году плянуюцца прэзідэнцкія. На прыкладзе апошніх вулічных акцыяў рэжым паказвае, што будзе трымацца свайго й намагацца ў кароткія тэрміны заціснуць любую непадкантрольную ініцыятыву.

Як можна назваць людзей, якія баяцца анёлаў? Відаць, сьветлыя дзяўчынкі ў белых строях з крыламі уяўляюць вялікую небясьпеку, таму іх трэба адразу цягнуць у аўтазак.

Паводле mfront.net










© ДЗІДА - сайт Гарадзенскага Маладога Фронта 2007 Сайт створаны пры падтрымцы belmov.org ды saligorsk.org Распрацоўка : ili4.
Працуе на сыстыме : WCPS
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.117 сэк..